Азнаямленне дзяцей дашкольнага ўзроста з культурай і традыцыямі беларускага народа ў працэсе нерэгламентаванай дзейнасці

Азнаямленне дзяцей дашкольнага ўзроста з культурай і традыцыямі беларускага народа ў працэсе нерэгламентаванай дзейнасці

 

 

 

 

                                                                                                     

Падарожжа з Катом Катафеем

Праграмныя задачы:

  • фарміраваць першапачатковыя ўяўленні аб культуры беларускага народа аб нацыянальных беларускіх блюдах праз далучэнне дзяцей да розных відаў нацыянальнага мастацтва ў працэсе азнаямлення з побытам і абстаноўкай дома ў даўнія часы, звычаях беларусаў;
  • развіваць пазнавальную і сэнсорную сферы пры азнаямленні з асаблівасцямі інтэрʼера беларускай хаты, прадметамі рукатворнага света, моўную і рухальную актыўнасць у працэсе сумеснай гульнявой дзейнасці;         
  • выхоўваць добразычлівыя адносіны да працы і прадметаў працы дарослых, жаданне дапамагаць.

             Ход:

- Дзеці сёння мы завітаем  ў госці да Ката Катафея, які жыве ў хаце і запрашае нас у падарожжа па яго гаспадарцы. Давайце павітаемся з катком.

Кот Катафей: Прывітанне, госці дарагія! Праходзьце.

Дзеці: Прывітанне, Кот Катафей!

 Вось што хоча расказаць вам Кот Катафей. (Ад імя героя  вядзецца расказ.)

Кот Катафей: Калі хто з вас бываў на вёсцы, то заўважаў, што звычайныя сялянскія хаты збудаваны з дрэва. Раней у хаце быў толькі адзін пакой, каб было цяплей. Галоўнай у хаце была печ. У печы варылі ежу, выпякалі бліны, пірагі. Я вельмі люблю на ёй грэцца і спаць.

Пальчыкавая гульня «Ладу, ладу, ладкі» (з народнага)

Мэта: фарміраваць уменне выконваць рухі пальцамі рук, далонямі адпаведна зместу тэксту, вымаўляць словы на беларускай мове.

Ладу, ладу, ладкі

(Пляскаюць у ладкі)

-        Дзе былі?

-        У бабкі.

-        А што елі?

-        Кашку.

(«Дзюбкі» — сціскаюць і  расціскаюць пальцы, выцягнутыя наперад)

Кашка з алеем —

(Пагладжванне далоней.)

Есці не ўмеем!

(«Круцёлка» — круцяць кулачкам! )

Мяу! Мяу! Мяу!

(Выставіць далоні з расстаўленымі пальчыкамі наперад, «выпусціць кіпцікі».)

Кот Катафей: Побач з печчу, у вугле, знаходзіўся качарэжнік — месца, дзе гаспадыня ставіла вілкі для гаршкоў, драўляная качарга, чапяла, памяло, мяцёлка. Супраць печы размяшчаўся «бабін кут», дзе стаялі драўляныя вёдры, над лавай вісела паліца з кухонным посудам.

 

 

Дыдактычная гульня «Знайдзі посуд і назаві»

Мэта: фарміраваць уменне знаходзіць прадметныя карцінкі, на якіх прадстаўлены посуд, называць посуд на беларускай мове.

Гульнёвыя дзеянні: дзецям прапануецца з прадстаўленых прадметных карцінак выбраць тыя, на якіх прадстаўлены прадметы посуду, назваць па-беларуску (талеркасподак, кубачак, гарлачык, лыжка, відэлец).

Метадычныя парады: перад дзецьмі раскладзены розныя карцінкі. Дзеці выбіраюць з іх тыя, на якіх прадстаўлены прадметы посу­ду. Калі ў кожнага дзіцяці будзе па карцінцы, выхавальнік прапануе назваць прадмет па-беларуску (талерка, сподак, кубачак, гарлачык, лыжка, відэлец). Астатнія правяраюць правільнасць выканання за­дання.

Кот Катафей: Значным прадметам быў стол, які засцілаўся прыгожым абрусам. За ім збіралася ўся вялікая сям’я. А галоўным на стале быў хлеб.

Кот Катафей: Калі прыходзіў госць, гаспадары імкнуліся пачаставаць яго і ставілі на стол усё, што было ў хаце.

(Разглядванне малюнкаў  блюдаў беларускай народнай кухні)

Кот Катафей: Кожная гаспадыня імкнулася ўпрыгожыць сваю хату. 3 дапамогай вышытых посцілак, дываноў, абрусаў, ручнікоў інтэр’ер хаты набываў сваю непаўторную адметнасць. Вось паслухайце верш пра ручнік, які напісала Галіна Багданава:

Ручнік

Мама вышыла ручнік

Гладдзю, васількамі

          Ну а мы з сястрой узоры

Выдумлялі самі.

Дыдактычная гульня «Складзі дыванок, абрус, посцілку»

Мэта: пашыраць уяўленні дзяцей  пра форму, памер, каляровы фон і аздабленне тканых прадметаў рознага прызначэння (дыван — цёмны, абрус — белы), развіваць уважлівасць.

Абсталяванне: дыванок з геаметрычным арнаментам, абрус з раслінным арнаментам, посцілка з раслінным арнаментам ( разрэзаныя на  часткі); узоры неразрэзаных такіх жа вырабаў.

Гульнёвыя правілы: падбіраць разразныя карткі і складаць з час­так цэлае (дыван, абрус, посцілку). Пасля таго, як дзеці складуць карткі, неабходна расказаць, які выраб дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва атрымаўся.

Гульнёвыя дзеянні: выбар картак;  складанне з частак  цэлае; расказ пра выраб дэкара­тыўна-прыкладнога мастацтва.

Ход гульні:

Дарослы разам з дзецьмі разгядае ўзоры дывана, абруса, посцілкі, якія прадстаўлены цалкам (не ў разрэзаным варыянце). Затым паказвае, як гэтыя рэчы выглядаюць з частак. Прапануе дзецям стаць каля таго предмета, які яны будуць складаць. Затым просіць дзяцей разабраць прадметы па часткам. Звяртае ўвагу дзяцей, што толькі калі збяруцца разам гэтыя часткі-«сябры», тады магчыма скласці прадмет.

Разам правяраюць правільнасць выканання.

Кот Катафей падводзіцъ дзяцей да дзіцячай калыскі.

Кот Катафей: Гэта калыска. У ёй засынае немаўлятка. Калі  калышуць, часта пра коцікаў успамінаюць,  каб дзіця заснула, спявалі:

Коцік ,коцінька, каток!

Коцік шэранькі хвасток.

Ты прыйдзі к нам начаваць

Нашу дзетку калыхаць.

А я шэраму катку

За работу заплачу.

Дам гарлачык малака

І кавалак пірага.

Дынамічнае практыкаванне «Раскажы і пакажы калыханку»

Дзецям прапануецца расказачь і падабраць (па іх жаданні) рухі па змесце калыханкі.

         А калі ўсе справы былі зроблены, можна было і павесяліцца. Зараз нашы выхаванцы пакажуць вамвыступенне шумавога аркестра.

Кот Катафей: А каб жыць было ўтульна ў хаце, трэба прыбіраць пакой, мыць, клапаціцца аб зручнасці і прыгажосці жылля.  Мэбля, покрыўкі, дываны, падушачкі, сурвэткі, кветкі, карціны, занавескі ўпрыгожваюць наша жыллё. Але нішто не дапаможа нам жыць утульна, радасна і шчасліва, калі ў доме няма спагады, лагоды, шкадавання, калі няма паміж людзьмі пашаны, Таму жадаю вам жыць у згодзе і дружбе. Буду рады вас чакаць вас у госці яшчэ. Да пабачэння!

 

 

Занятак па развіцці маўлення “Родная мова

Праграмныя задачы: выхоўваць у дзяцей цікавасць да беларускай мовы, жаданне навучыцца размаўляць на ёй; навучаць слухаць беларускае маўленне педагога; звярнуць увагу на падабенства рускай і беларускай моў; пазнаёміць з асобнымі словамі і словазлучэннямі (беларуская мова, гульня, калыханка і інш.).

Ход занятка:

Гучыць мелодыя калыханкі. Выхавальнік пытаецца:

  • Что это за песня? Что такое калыханка? (Гэта песня, якую спяваюць перад сном, каб дзеці хутчэй заснулі.) Давайце паспяваем усе разам.
  • Якія персанажы з «Калыханкі» вам спадабаліся? На якой мове яны размаўляюць? (На белорускай). Ці падабаецца вам, як яны размаўляюць па-беларуску?
  •  Ці ведаеце вы, на якіх мовах гавораць у Беларусі? Дзе можна пачуць беларускае маўленне? Так, беларуская і руская мовы вельмі падобныя. У іх шмат аднолькавых слоў, але яны адрозніваюцца вымаўленнем гукаў: па-беларуску мы гаворым дзеці, па-руску — детіі; па-беларуску мы гаворым дзіцячы сад, па-руску — детскый сад; па-беларуску мы гаворым звярок, а па-руску — зверек; па-беларуску мы гаворым ноч, а па-руску — ночь.

Але ёсць словы зусім не падобныя: напрыклад, слова лялька і слова кукла, слова цукерка і слова конфета і г. д. Назавіце, якія вы ведаеце яшчэ непадобныя словы.

-  Давайце пагуляем. Я буду кідаць мячык і называць слова, а вы будзеце падказваць слова, якое азначае яго прыметы.

Елачка ... (калючая); крапіва ... (пякучая); карова ... (рагатая); жаба ... (лупатая); дрэўца ... (кучаравае); соней- ка... (ласкавае); хлопчык ... (маленькі); коцік ... (шэранькі).

  • Мы с вамі развучвалі беларускія вершы , пелі беларускія песенькі. Давайце ўспомнім іх. Я буду пачынаць, а вы будзеце падсказваць мне беларускія словы.

Выхавальнік чытае знаёмыя дзецям пацешкі або вершыкі, не дагаворваючы апошнія словы ў радках. Калі малыя спрабуюць дагаворваць не толькі словы, а цэлыя радкі або пасля чытання першага радка працягваюць увесь верш, педагог падтрымлівае гэтае імкненне.

 

Баю, баю, баю,

Не кладзіся з краю,

Прыйдзе шэранькі... (ваўчок),

Схопіць цябе за... (бачок).

Ого-го, каза,

Ого-го, шэра!

На даліне воўк

3 ваўчанятамі,

На гары каза

 3... (казлянятамі).

Ой бычок, мой бысенька!

Залатая лысінка.

Бадучыя... (рогі),

Тупучыя... (ногі).

Ты паціхеньку хадзі і дзіцятка не... (будзі).

Сонейка, сонца,

Выгляні ў... (аконца).

Пасвяці нам трошку,

Дам табе... (гарошку).

Я аладачкі з пяску

 Сёння цэлы дзень... (пяку).

Але мой рахманы кот

 Не бярэ аладкі ў... (рот).

  • Коцік, коцік, не ўцякай!
  • Чаго хочаш?
  • ... (Ма-ла-ка!)

                             В. Іпатава

 

Мы вядзем паіць на... (рэчку)

Кучаравую... (авечку).

Пі, авечачка, ... (ваду)

І вяртайся ў чараду.

            С. Сокалаў-Воюш

Навастрыла вушы ліска,

Пачала... (углядацца):

Ці няма спажывы блізка —

Птушкі або... (зайца)?

 
  • Ці любіце вы слухаць беларускія казкі і забаўлянкі, якія расказвае вам бабуля? А ці гаворыце вы на беларускай мове?
  • Цяпер вы будзеце вучыцца гаварыць па-беларуску, гаварыць на беларускай мове. Вы будзеце гуляць у беларускія гульні — што такое гульні, хто ведае? (Игры.) Будзеце слухаць казкі і расказы на беларускай мове і самі навучыцеся гаварыць па-беларуску.
  • Паглядзіце на малюнак. На малюнку Янка і Алёнка. Паслухайце, які вершык расказвае пра сябе Янка:

Блакіт нябёс

Блакіт нябёс, і белы бусел, *

І кветкі ў полі, як абрус...

Мой край завецца Беларуссю,

А сам я — хлопчык-беларус.

С. Сокалаў-Воюш

  • Паслухайце, які вершык расказвае пра сябе Алёнка:

Твар румяненькі,

Белая хустачка,

Я ўжо ведаю,

Я — беларусачка!

І хачу

Так, як тата і мама,

Родны край свой любіць Я таксама!

А. Бадак

  • Як мы завем хлопчыка, які нарадзіўся ў Беларусі? (Беларус.)
  • Як мы завем дзяўчынку, якая нарадзілася ў Беларусі? (Беларусачка.)
  • Янка і Алёнка размаўляюдь паміж сабой на беларускай мове. Іх родная мова — беларуская.
  • Вазьміце алоўкі (карандаши) чырвонага (красного) і чорнага колераў і ліст паперы, намалюйце ўзор на кашулі хлопчыка і на спадніцы дзяўчынкі.

 

Кансультацыя для бацькоў

"Мама, тата, давайце гуляць па-беларуску!"

     Часцей за ўсе бывае так: дзіця ідзе ў першы клас, а не толькі не ведае беларускай мовы, але нават  ніколі і не чула яе меладычнасці і чысціні. Бацькі з жахам садзяцца з сынам  або з дачкой рабіць дамашнюю работу па беларускай мове і адчуваюць, што ахапіць неахопнае адразу не атрымліваецца. Згублены нейкі перыяд часу, калі можна было далучаць дзіця да роднай мовы яшчэ з маленства. Што рабіць? Плаціць грошы рэпетытарам, альбо ёсць іншы варыянт рашэння праблемы? Прапануем маладым бацькам некалькі парад паступовага знаёмства дзяцей дашкольнага ўзросту з роднай мовай.

     Па-першае, калі ваша дзіця наведвае дашкольную ўстанову, то вы павінны ведаць, што існуюць заняткі на беларускай мове ў групах сярэдняга і старэйшага ўзросту. Акрамя таго, праводзяцца фальклорныя святы, напрыклад “Сустракаем вясну”, на якіх дашкольнікаў знаёмяць з культурай беларускага народу, яго мовай, традыцыямі, абрадамі, рамёствамі. На гэтыя святы заўсёды запрашаюцца бацькі. Вось вам і першая прыступка  адукацыі маленькіх беларусаў.

     А далей бацькам трэба развіваць дзіця самастойна ў сям’і. З чаго пачаць? Пачніце з калыханак, чытання кніжак-малютак, прывітання на роднай мове. Затым звярніцеся да збораў у садок у гульневай форме. “А давай апранацца па-беларуску!” – прапануйце малому. І называйце яго адзенне: шкарпэткі, насоўка, кішэнька, каўнерык, гузікі, боцікі і г.д. Праз некалькі дзён ваша дзіця без памылак будзе знаходзіць адпаведную рэч, а потым і само назаве яе па-беларуску.

   На кухні хай маці пазаве дачушку гатаваць ежу па-беларуску. Назвы садавіны, гародніны, электрапрыбораў дзеці запомняць хутка і з задавальненнем будуць ужываць іх у размове з іншымі людзьмі. Тым часам тата, займаючыся рамонтам дома, разам з сынам разбіраюцца, якія патрэбны цвікі, гаечныя ключы, дошкі, шпалеры і іншае.

     Ідучы па вуліцы з маленькім грамадзянінам Беларусі, раскажыце яму аб помніках архітэктуры вашай  вёскі, назавіце па-беларуску назвы крамаў, транспарту, дрэвы ў парку, хатніх і дзікіх жывёл. Не трэба навязваць малышу размову, калі ён змарыўся, хоча адпачыць або пагуляць. Рухайцеся паступова, але ўпарта. І тады, калі ваша дзіця пойдзе ў школу, вы ўбычыце, што нездарма бавілі з ім час, далучаючы яго да роднай мовы.

      Лічыце, гэта займае шмат часу, ці патрабуе дадатковых ведаў? Не? Тады, не адкладаючы, бярэмся за работу і добрых вам з дзіцем гульняў па-беларуску.

Папулярызацыя беларускай мовы

 ў адукацыйным працэсе  ўстановы дашкольнай адукацыі

    Адметнай рысай любой вялiкай нацыі, любога вялікага народа з’яўляюцца трапяткія адносіны да сваёй гістарычнай спадчыны, да сваёй культуры  i, у першую чаргу, да роднай мовы.

Дзве мовы

Мой тата нарадзіўся ў Курску,

А мама - родам з-пад Гальшанаў.

Гаворыць тата мой па-руску, 

На беларускай мове - мама.

Дзве мовы сэрца мне галубяць,

Хоць словы ў іх не супадаюць.

Я з татам апранаю шубу,

А з матуляй- футра апранаю.

Спадніца - юбкой, а сукенку

Мой тата платьем называе.

Надзену капялюш - паненкай

Шыкоўна ў шляпе выглядаю.

Купляе татачка носкі мне, 

Матуля дорыць мне шкарпэткі,

І саграе мяне ў дзень зімні

І камізэлька, і жылетка.

Бягу да таты я ў сапожках,

А ў боціках лячу да мамы.

Заўжды ў сапожках цёпла ножкам,

Не сцюжна ў боціках таксама.

Пачнецца дождж - пад парасонам

Мы з мамаю ідзём дахаты

І бачым: пад зонтом ад дома

Спяшаецца насустрач тата.

Гаворыць тата мой па-руску,

Ды з часам болей прыкмячаю,

Што словы з мовы беларускай

За мною тата паўтарае - 

Са мной ён мову вывучае!

                                                                            Анатоль Зэкаў

  Педагагічны калектыў установы ўдзяляе многа ўвагі пашырэнню сферы выкарыстання беларускай мовы. У гадавым плане і планах педагогаў прадугледжаны мерапрыемствы, прысвечаныя папулярызацыі беларускай мовы:

  • Заняткі праводзяцца на беларускай мове
  • Праводзяцца святы беларускай культуры
  • Мерпрыемствы, прысвечаныя Дню беларускага пісьменства
  • Ранішнікі
  • Забавы
  • Віктарыны
  • Літаратурныя конкурсы, кніжныя выставы “Пісьменнікі- юбіляры”, “Радзіма белых буслоў”
  • Бацькоўскія сходы
  • Наяўнасць кніг розных жанраў на беларускай мове ў кутках кнігі
  • Наяўнасць дзіцячых часопісаў на беларускай мове ў бібліятэках старэйшых груп
  • Выданне насценных газет, прысвечаных жыццю і творчасці беларускіх пісьменнікаў
  • Наяўнасць партрэтаў беларускіх пісьменнікаў, паэтаў
  • Знаёмства са знакамітымі людзьмі Беларусі (спартсмены, касманаўты, артысты, мастакі)
  • Знаёмства з нацыянальнымі паркамі, заказнікамі Беларусі
  • Выхаванне патрыятычных пачуццяў праз знаёмства з дзяржаўнай сімволікай Рэспублікі Беларусь, гістарычнымі помнікамі краіны і г.д.

    У адукацыйным працэсе педагогі карыстаюцца вучэбнымі выданнямі для педагагічных работнікаў дашкольных устаноў і выхаванцаў, рэкамендаванымі  навукова-метадычнай  установай “Нацыянальны інстытут  адукацыі”, “Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь”. У інфармацыйна -метадычным кабінеце ёсць матэрыялы па пытаннях патрабаванняў Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі,  вучэбна- метадычная і даведачная літаратура, руска-беларускія слоўнікі, серыя публікацый В.Іўчанка “Беларуская мова: новая рэдакцыя правапісу” на старонках навукова-метадычнага журнала “Пралеска” (пачынаючы з №11 за 2009 год). 

 

Прыказкі і прымаўкі — своеасаблівая энцыклапедыя жыцця народа ў розныя гістарычныя эпохі.

Прыказка — гэта агульнавядомае кароткае выслоўе з павучальным сэнсам. Прымаўка —  агульнавядомы ўстойлівы выраз, звычайна вобразны, які адрозніваецца ад прыказкі тым, што не з'яўляецца скончаным суджэннем і звычайна не мае павучальнага зместу.

У афарыстычнай творчасці беларускага народа прыказкі і прымаўкі карыстаюцца найбольшай папулярнасцю. Яны ярка адлюстроўвалі маральна-этнічныя і эстэтычныя ідэалы, погляд на працу, жыццёвы вопыт, народную мудрасць увогуле. У некаторых з іх адбіліся язычніцкія ўяўленні.

 

Пра час

Дарагое яечка да Вялікадня. Дорога ложка к обеду.

Гуляй, гуляй, ды дзела не кідай. Делу время – потехе час.

Пакуль жаніцца, загаіцца = Пакуль шлюб браць — нічога не знаць. До свадьбы заживет.

Пра працу

Любіш паганяць – любі і каня гадаваць. Любишь кататься – люби и саночки возить.

Дзе кухарак шэсць, там няма чаго есць. У семи нянек дитя без глаза.

Хто дбае, той мае = Гаспадарка — клапатарка = Хто полю годзіць, у таго жыта родзіць = Дзе гаспадар ходзіць, там ніўка родзіць = Пільнуй гаспадаркі — будуць у гаршку скваркі. Доход не живет без хлопот.

Скончыў работу — гуляй у ахвоту = Перш папрацуй, а тады й патанцуй = Службу справіў — і гуляй. Сделал дело — гуляй смело.

Ляжачыя і грошы ржавеюць = Пад ляжачы камень вада не бяжыць(не падплыве). Под лежачий камень и вода не течет.

 

Пра словы і мову

Конь вырвецца — здагоніш, а слова вырвецца — не зловіш = Выказанага слова да губы не вернеш = Са свайго языка спусціш — на чужым не зловіш = Слова як птушка: выпусціў — не вернеш = Сказанае слова за хвост не зловіш = Сліны не падымеш, а слова не вернеш. Слово не воробей: вылетит — не поймаешь.

Слова — вецер, а пісьмо — грунт = Што напісана пяром, не выйме і сякера. Что написано пером, того не вырубишь топором.

На ўзвей (вей) ветру пускаць = На звей (вей, узві, збой) вецер гаварыць. Бросать (слова) на ветер.

Слова не пазычае = Спрытны на язык = На кожнае слова адказ гатовы. За словом в карман не лезет.

Дробным макам рассыпацца = Языком слаць = Словамі як пер’ем слаць. Рассыпаться бисером (мелким бесом).

Гаварыў бы па-польску, ды язык конскі, гаварыў бы па-англійску, ды язык слізкі.

Будзем мове вучыцца, пакуль смерць не лучыцца.

Прымаўкі ды прыказкі — роднай мовы прывязкі.

Усяму пачатак — родная мова.

Хто забыў сваіх продкаў — сябе губляе, хто забыў сваю мову — усё згубіў.

Пра дом і сям'ю

Добра на Доне, ды лепей у сваім доме. В гостях хорошо,а дома лучше.

Няма роду без выроду = У балоце не без чорта, а ў роду не без выроду = У кожнай чарадзе авечку з матыліцамі знойдзеш = І на здаровай яблыні гнілы яблык знойдзецца = І ў добрай сям’і вырадак бывае = Няма лесу без воўка, а сяла без злодзея. В семье не без урода.

Сямейка малая — (усім) работы хапае = Гурт невялічкі — гуляць няма звычкі = Былі бы мы сямёра, змаглі б усё ўчора. Дом невелик — гулять не велит.

Якое карэнне, такое і насенне = Які куст, такі і парастак = Які род, такі й плод. Каково семя, таково и племя.

 

Пра каханне

Без сонейка свету не быць, без мілага нельга жыць = Цяжка ўздыханне — далёка каханне. Не мил свет, когда милого нет.

Не прыгожая прыгожа, а каханая прыгожа = Не тое хораша, што хораша, але тое, што каму даспадобы. Не по хорошу мил, а по милу хорош.

Хоць у будане жыць, абы з каханым быць — Хоць пад лаўкаю сядзець, абы на харошага глядзець = Хоць без хлеба пасяджу, але ж на любага пагляджу = Хоць у адной лёлі (сарочцы), абы па любові. С милым рай и в шалаше.

 

Пра розум і веды

За дурной галавой нагам неспакой (бяда, гора) = За дурною галавою і нагам няма спакою = Скупы двойчы плоціць, а дурны двойчы ходзіць = Галава нагам зладзей. Бестолковая голова ногам покоя не даёт.

Свой розум мець = Сваім одумам (сваім розумам) жыць. Жить своим умом.

Без мукі няма навукі. Цяжка ў школе, дык лёгка ў полі. Тяжело в учении, легко в бою.

Век жыві — век вучыся. Век живи — век учись.

За багацце розуму не купіш. = Розум не купіш — у галаву не ўльеш.

Хто без навукі, той як бязрукі.

Пра багацце

Багаты Хадот: сабака ды кот = У вераб’я багатая сям’я: у кожнага верабейкі па тры капейкі. Богатому черти деньги куют.

Багатыр дзівіцца, чым худак жывіцца = Багаты дзівіцца, чым бедны жывіцца, а бедны смяецца, дзе ў багатага дзяецца = Багаты не ведае, чым бедны абедае. Богач удивляется, чем голь пробавляется.

Бог не цяля, бачыць (пазнае) круцяля = Бог не Мікітка, павыламіць лыткі = Бог бачыць з неба, што каму трэба = Бог ведае, хто што робіць і хто як абедае = Бог не гуляе, шмат палатна мае ды багатым торбы нагатаўляе. Бог видит, кто кого обидит.

Даў Бог дурню хлеба, ды той не ўмеў спажыць як трэба = Што Бог ні даў, усё ўторбу = І Халімон танцуе, калі яму шанцуе = Калі папу ўдаецца, то і пападдзя смяецца. Бог даёт — и дурак берёт.

Не будзь ласы на чужыя каўбасы. На чужой каравай рот не разевай.

Хто чужога жадае, часта сваё пакладае = Не ганіся за чужым, не трэба будзе плаціць сваім = Чужое ўзяць — сваё згубіць = Не бяры чужога: аддасі сваё = Ты па чужое, а чорт па тваё. Кто чужого желает, скоро своё потеряет.

Быў бы хлеб, а мышы збягуцца = Абы хлеб быў, а нахлебнікі будуць = Абы было ў торбе, то з’ем і на горбе = На воўну авец знойдзецца й кравец = Абы падла — вароны назлятаюцца = Быў бы куст, а варона знойдзецца = Абы тавар — купец будзе. Был бы хлеб, а зубы сыщутся.

Быў бы араты, будзе й прыганяты = Былі б дурні, а паны знойдуцца = Абы спіна — пуга знойдзецца = Быў бы азадак, а лазы хопіць = Быў бы лоб, а горб будзе. Была бы шея, а ярмо найдётся.

 

Пра сяброў

Чалавек без сяброў, што печ без дроў = Няма грошай — не бяда, як сяброў грамада = Лепш сто сяброў, чым сто рублёў. Не имей сто рублей, а имей сто друзей.

Пра ворагаў

Не будзь горкі — праклянуць, не будзь салодкі — пракаўтнуць = Будзешь горкі — праплююць, а салодкі — праглынуць = Не будзь салодкі, бо пераліжуць; не будзь горкі, бо пераплююць. Будешь сладок — живьём проглотят, будешь горек — проклянут.

Пра Бога

Бог не папусціць, свіння не ўкусіць = Калі Бог не дасць смерці, дык невозьмуць і чэрці = Як Бог дапусціць, то й святыя не абароняць. Бог не выдаст, свинья не съест.

Ведаў Бог, што не даў свінні рог = Не дай Бог свінні рог = Бачыў Бог, што не даў свінні рог, бо ўвесь свет спарола б. Бодливой корове Бог рог не даёт.

Скажы дурному паклоны біць, то ён і лоб паб’е = Дурань і мяла зломіць = Разумны работу зробіць, а дурань і мяла зломіць = Дай дурню брытву, то ён зарэжацца = Не хадзіў шалудзька Богу маліцца, а як пайшоў, дык і лоб разбіў = Дурань і молячыся лоб паб’е. Заставь дурака Богу молиться — он и лоб расшибёт.

Божа памажы, але й сам падбяжы (але і сам не ляжы) = Памажы Божа, але й ты не ляжы, нябожа = На Бога спадзявайся, але і сам старайся = Працуй, нябожа, то і Бог паможа = Чакай збавення з неба, а тым часам хлеба трэба. На Бога надейся, а сам не плошай.

Пра поспех

Прыйдзе, тата, і наша свята = Будзе і на вашай вуліцы кірмаш = Будзе і на маім рынку торг (кірмаш). Будет и на нашей улице праздник.

Загляне сонца і ў наша ваконца = Калісь засвеціць сонца і ў наша ваконца = І наша сонца ўвойдзе ў ваконца = Прыйдзе тая нядзеля, што будзе й маё вяселле = Калісьці й наш Бог праспіцца. Будет и наше время.

І сена цэлае, і козы сытыя. И волки сыты, и козы целы.

 

Экскурсія ў музей

 

У 1970 годзе ў Ліцвянскай сярэдняй школе быў створаны літаратурна-краязнаўчы музей. Пазней, у 1971годзе музею было прысвоена імя Пятра Фёдаравіча Глебкі. Ініцыятарамі стварэння музея былі супрацоўнікі інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР, дырэктарам якога доўгі час працаваў Пётр Фёдаравіч. Кіраўнік музея – настаўніца беларускай мовы і літаратуры Іна Уладзіміраўна Атрушкевіч.

Каб добра ведаць гісторыю роднай вёскі, трэба зазірнуць у яе мінулае, вывучаць яе культуру і побыт, уявіць, як жылі нашы дзяды і прадзеды. З гэтай мэтай у лістападзе 2018 года ў школьным музеі быў створаны этнаграфічны куток “Аб чым прадметы даўніны табе паведаміць павінны”. Можна апынуцца ў сялянскай хаце. Тут прадстаўлены рэчы неабходныя для апрацоўкі льна: пранік, мялка, трапло, грэбень, верацяно, калаўрот, матавіла; вырабы з льна: посцілкі, абрусы, ручнікі, адзенне, якое жанчыны рабілі сваімі рукамі; прадметы працы і хатняга побыту: чыгун, вілы, чапяля, прас, драўляныя міска і лыжкі. Куток сістэматычна папаўняецца новымі экспанатамі, якія прыносяць дзеці з бацькамі, педагогі.

Этнаграфічны куток быў створаны з мэтаў фарміравання нацыянальнога самапазнання. Ставіліся задачы: стварэнне ўмоў, неабходных для развіцця ў дзяцей пазнавальнага інтарэса да сваёй этнічнай прыналежнасці, уяўленняў аб сабе як частцы беларускага грамадства, выхоўваць у дзяцей жаданне знаёміцца з нацыянальнымі традыцыямі і беларускім фальклорам.

Этнаграфічны куток неабходны для азнаямлення выхаванцаў з культурай і побытам беларускага сялянства і, зыходзячы з таго, што  для дзяцей важна паказаць пэўныя прыклады і навочнасць, што з'яўляецца магутным сродкам уздзеяння. Экспанаты этнаграфічнага кутка плануецца выкарыстоўваць на занятках па азнаямленню з звычаямі і традыцыямі беларускага народа, на занятках па выяўленчаму мастацтву, пры правядзенні святаў "Масленiца", "Купалле", "Запрашаем на Калядкi", "Свята восенi" і іншыя. З мэтай выхавання пачуцця прыналежнасці да беларускай нацыі,  распрацаваны цыкл заняткаў, зместам якога сталі старадаўнія беларускія традыцыі і звычаі, узаемадзеянне чалавека з прыродай, адлюстраванне жыцця беларусаў у працы і побыт.  Былі распрацаваны  канспекты,  экскурсіі  для дарослых і дзяцей.

Выстава  не з’яўляецца стацыянарнай, экспазіцыі арганізуюцца да тэматычных тыдняў, напрыклад, “Беларуская народная творчасць”, “Дзень роднай мовы”, да народных каляндарных святаў – “Багач”, “Дажынкі”, “Масленіца”, “Калядкі”.

Важная асблівасць этнаграфічнага кутка – удзел у яго стварэнні дзяцей і іх бацькоў. Дашкольнікі такім чынам адчуваюць  сваё дачыненне да творчасці, тут яны не толькі гледачы, а ўдзельнікі.

 

 

 

Экскурсія ў музеі “У госці да бабулі Алены”

Мэта:

1. Знаёміць дзяцей з вырабамі беларускіх народных мастакоў; актывізаваць слоўнік дзяцей па дадзенай тэме; пазнаёміць іх з беларускімі ручнікамі, сурвэткамі, з арнаментамі.

2. вучыць упрыгожваць ручнікі арнаментам пры дапамозе фарбаў; развіваць дыялагічнае маўленне дзяцей; выклікаць у дзяцей цікавасць да наведвання выстаў, музеяў, жаданне разглядаць і пазнаваць прадстаўленыя экспанаты.

3. выхоўваць эстэтычнае пачуццё.

Ход экскурсіі

Арганізацыйны момант

Дзеці разам з выхавальнікам ідуць у музей у госці да бабулі Алены, якая сустракае гасцей на парозе музея хлебам – соллю на прыгожым вышытым ручніку. У музеі грае беларуская музыка, ва ўсіх святочны настрой.

Выхавальнік тлумачыць, што так, з музыкай, з хлебам – соллю на Беларусі сустракаюць самых дарагіх гасцей.

Да дзяцей выходзіць бабуля Алена ў беларускім нацыянальным строі.

Бабуля Алена – Добры дзень, дарагія дзеткі! Запрашаю вас у мінулае нашых дзядуляў, бабуляў.  Заходзьце, калі ласка! Падыдзіце ўсе бліжэй сюды. Так, усё можна разглядваць, але не трэба кранаць рукамі.

         Што ўжо вам знаёма з таго, што вы тут бачыце?

Зірніце на рэчы, зробленыя з дрэва. Хто жадае расказаць пра іх. Калі ласка!

Пачну я: “Гэта куфар. У маёй бабулі ёсць такі, але гэты маленькі, падобны на цацачны. Я ведаю, што ў куфры клалі адзенне, ручнікі. Гэты куфар ярка размаляваны кветкамі, а па краях – беларускі ўзор”. (расказы дзяцей)

Цікава, што ў гэтым куфры схавана? Паказваю па адной рэчы, а дзеці называюць іх: андарак, фартух, кашуля, гарсэт, камізэлька, кашуля з поясам, нагавіцы, намітка.

Бабуля Алена. Цяпер старадаўнія ўзоры адзення шырока выкарыстоўваюцца ў сцэнічных уборах нашых мастацкіх калектываў.

Так. Падыходзьце бліжэй да наступных экспанатаў старажытнага віду мастацтваў, шырока распаўсюджанага ў Беларусі – гэта вырабы з гліны. Паколькі гліны розных гатункаў хапала ў любым куточку Беларусі, то з яе рабілі разнастайны посуд, розныя мастацкія рэчы для аздаблення побыту. Ляпілі цацкі – свістулькі на забаву дзецям.

Зараз я вас пазнаёмлю з некаторымі назвамі посуду. Вось гладыш (гарлачык). Для чаго ён прызначаецца? Так, у ім можна трымаць малако або квас.

А гэта вельмі падобныя адзін на другі гляк і збанок. Чым яны адрозніваюцца? Так, у збанка горла шырокае, а ў гляка – вузенькае.

Гульня “Гарлачык”

Сядайце ў круг – гэта гарлачык. Па крузе ходзіць пакупнік. Спыніўшыся каля каго- небудзь, пакупнік, пытае: “Колькі каштуе гарлачык?”

За гарлачык гэты дай

Нам зусім крышачку –

Каб ніколі не хварэць,

Маннай кашы лыжачку.

Пасля гэтых слоў дзіця – гарлачык ускоквае і бяжыць па крузе, а пакупнік – насустрач. Кожны імкнецца заняць свабоднае месца. Хто спазняецца – той пакупнік.

Бабуля Алена – Сёння я раскажу вам пра беларускія ручнікі. Ручнік – гэта доўгая тканіна белага або шэрага колеру, вышытая арнаментам.

- Дзеці разглядваюць арнамент, звяртаюць увагу на колер, замацоўваюць чорны і чырвоны колеры, узоры – “крыж”, “зорачку”, “ломаную лінію”.

Дзеці садзяцца за стол, накрыты святочнымі абрусамі і сурвэткамі, разглядаюць іх.

Бабуля Алена  Крыжыкам упрыгожваюць яшчэ і адзенне (яна паказвае вышытае адзенне: кашулі, сарочкі, фартухі, сукенкі)

Усе гэтыя рэчы вышываюць сваімі рукамі людзі. Сурвэткамі ўпрыгожваюць пакоі.  Цяпер у нас на сценах – дываны, а раней былі прыгожа вышытая сурвэткі.

Бабуля Алена паказвае тэхніку вышыўкі крыжыкам і гладдзю, знаёміць дзяцей з рэчамі, якія неабходны для вышыўкі. Гэта ніткі рознага колеру, іголка, тканіна. Замацоўвае гэтыя назвы з дзецьмі. Далей бабуля паказвае ручнікі, сурвэткі, кашулі, фартухі, не ўпрыгожаныя ўзорамі.

Бабуля Алена – Які б узор вы хацелі вышыць?

Дзеці імкнуцца дапамагчы бабулі Алене. Яна паказвае, як трэба зрабіць гэтыя ўзоры пры дапамозе фарбаў.

Бабуля Алена – Напрыканцы нашага занятку – экскурсіі па музеі- хачу вам параіць разам з бацькамі наведаць музеі ў  горадзе Мінску, параўнаць іх экспазіцыі, а потым падзяліцца з намі сваімі ўражаннямі. (вярнуўшыся ў групу выхавальнік раздае сілуэты ручніка, фартуха, кашулі, а дзеці іх упрыгожваюць фарбамі, арнаментам, узорамі “крыжык”, “зорачка”).

Выстава і ацэнка зробленых работ (дзеці абмяркоўваюць свае работы, звяртаюць увагу на іх прыгажосць, найбольш цікавымі работамі ўпрыгожваюць класны пакой).

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Экскурс-падарожжа з сівой мінуўшчыны ў наш час

“Ад печы да парога”

(для дзяцей і бацькоў)

Вяд.:  Добры дзень, дарагія сябры! Мы пачынаем наша падарожжа з сівой мінуўшчыны ў наш час.  Яно называецца “Ад печы да парога”. Усе вы знаходзіцеся ў школьным музеі. Перад вамі інтэр’ер сялянскай хаты, якой яна была раней, а ў некаторых месцах яна засталася такой, праўда, крыху зменена на сучасны лад.

Цэнтральнае месца ў хаце займала печ - гэта цеплыня, здароўе застуджанаму, гэта і гарачая смачная ежа. Раней гаварылі: “Дзе печ -там і тое, што з печы”.

1 - ы:  На поўначы Беларусі печы былі вялікія, з камінкамі і палкамі. На камінок клалі мыла, запалкі і лучыну, а на палку спалі дзеці, праводзілі свой вольны час там, калі было холадна. Бялілі печ і сачылі, каб яна заўсёды была белая, чыстая.

А на поўдні Беларусі печ была крыху меншай, з мноствам камінкоў і пячурак, куды яшчэ ставілі лямпы, ліхтары, збанкі, глякі. Печ была пабеленая ў белы колер, і яшчэ яна была размаляваная. Тыповыя малюнкі: кветкі, дзяўчаты з карамыслам.

Вяд.:  Есць у беларусаў такі выраз: танцаваць ад печы. Начнём і мы нашу размову пра печ.

2-гі: 

 

Мінула ночка. Дзень праз вокны

Знішчае цёмныя валокны,

На печ, у запек зазірае

I ночку з хаты выціскае.

У печы ўжо палаюць дровы,

 I іх астатнія размовы.

Так гучна, бойка застралялі,

 Як бы паны запалявалі.

 

Вяд.:  Печ займае ў сялянскай хаце пачэснае месца. Яе роля не толькі ў практычным прызначэнні.

Хто падкажа, для чаго яшчэ ў сялянскай хаце патрэбна печ? (дзеці адказваюць)

Правільна, малайцы! Печ абагравае хату, у ей вараць ежу, а яшчэ на ёй спяць, лечацца ад прастуды, адпачываюць. Асабліва ў доўгія зімовыя вечары.

3-ці: 

 

А вечар мае свае бавы

 I на каліпку так цікава,

 Калі, бывала, дзядзька з татам

 А з імі часам гэтак сама

 Язык развяжа свой і мама,

 Пачнуць казаць свае ўспамінкі,

 Вясці размовы пра старынкі,

  Пра незвычайныя здарэнні

  І ім даваць тут тлумачэнні.

  Усяго было тут вечарамі,

  Калі разыдуцца часамі.

 

Вяд.:  Зараз вы ўбачыце невялікі ўрывак з паэмы Я. Коласа “Новая зямля”, “3імовымі вечарамі”. Дзеянне адбывацца на печы.

Бацька:  

 

- Мне сам казаў Пятрусь Арыніч

 Ілгаць жа ён не быў павінен:

   Дадому ехаў ён з Княжнога,

   Вакол няма нідзе нікога,

І ціха ўсе, як бы зацята,

Было ўжо трохі пазнавата,

А ён на воліках пляцецца,

I так яму ўсе штось здаецца.

Вось едзе ён, масток мінае,

Аж хтось з-запаляў вылятае.

Як жар чырвоны ды вяртлівы

I хвошча пугай улева, управа.

I па валах, і па Пятрусю

Вось, - кажа, - я табе спазнюся,

Калі ты так запрацаваўся!

I аж да Нёмна за ім гнаўся!

1 - ы:  

 Мабыць штось ёсць - такі на свеце!

Маці: 

 -Ёсць, ёсць! Свякроўка, нябожчыца.

Анэта (царства ей нябеснае)

Сама казала мне пра гэта,-

Яна была і цётка Рузя,

Збіралі шчаўе дзесь на лузе.

Ды йшлі дадому каля Нёмна.

Было яшчэ зусім не цёмна.

Вось толькі сонца напалову

Зайшло за горку Дзямянову,

I нікагусенькі нідзе!

Аж - зірк! На саменькай вадзе

Сядзіць хтось, выцягнуўшы ногі

Над самай бухтай, такі строгі,

Як мае быць ва ўсім адзенні

I курыць люльку ў задуменні.

Кабеты ў страху далей хутка!

Назад зірнулі - нікагутка!

-А ты, Антось, чаго маўчыш, як пшаніцу прадаўшы?

Антось:

-Э, глупства ўсе, не больш, як байкі!

Хто баіцца, таму ўсе можа налучыцца.

Даўно было. Тут жыў Пшавара.

Вось раз уночы чуе гукі -

У акно малоцяць чыесь рукі,

Малоцяць так, бы ў час пажару.

-Хто там?

- Пусці, брат: то я – Сёмка.

Ну, брат, і б'юцца чэрці ёмка!

На грэблю я якраз уз'ехаў:

Ой даў жа ён мне, так урэзаў!

Я - па кані, ён мне - па карку!

Пасек мне спіну праз браварку!

I толькі тут вось  адступіўся,

Калі ў дварэ ўжо я спыніўся.

Пшавара з хаты выйшаў босы

Агледзець Сёмкавы калёсы.

I што ж, вось вам і таямніцы:

Ялова лапа ўлезла ў спіцы!

Маці:

- Праўду кажуць: у страха вочы вялікія.

Антось: 

 -Ай, усе гэта небыліцы

Напусцяць нейкага туману,

Што чалавек хоць і жывы,

Але стаіць без галавы!

Усе гэта глупства. Выдумкі.

Я сам такую штучку знаю,

Што без памылкі адгадаю,

Як хто стаіць, ну, хоць бы ў сенях

Ці на нагах, ці на каленях.

Ці ён там стане, ці ён ляжа.

2-гі:    

Вось гэта штука! Няўжо, дзядзька, адгадаеш?

Антось

 -Выходзьце, самі ўбачыце. (Хлопцы выходзяць і стараюцца, як бы хітрэй стаць, каб дзядзька не адгадаў).

2-гі:  

-Ну, дзядзька, як мы там стаім?

Антось:

 -Ну так, як цюцькі за дзвярыма!

2-гі: 

 -Ну ты, дзядзька, і махляр.

 

Вяд.:  З печчу звязана таксама шмат вераванняў і ўяўленняў. Яна была своеасаблівым цэнтрам хаты, увасабленнем старажытнага агмены (ачага), без якога немагчыма уявіць сабе чалавечае жыццё. Невыпадкова менавіта печ (а дакладней падпечак) лічылася месцам знаходжання добрага духа - дамавіка, галоўныя “абявязкі” якога - клопат пра дабрабыт сям’і.  Дамавіка атаясамлялі з кутнім слупам печы (паказвае), які называлі звычайна дзедам. Там заўсёды ставілі прылады, якія патрэбны былі гаспадыні.

- Назавіце гэтыя прылады (дзеці называюць, вядучая дапамагае).

3-ці: Вясной, у дзень першага выгану жывёлы ў поле, гаспадыні кармілі кароў на пячной засланцы (паказвае) прыгаворваючы: як гэтая засланка кожную ноч стаіць на сваім месцы, так каб і наша кароўка стаяла кожную ноч на сваім двары. 3 гэтай мэтай кармілі на засланцы і купленую карову, якую прыводзілі на падворак.

4-ы: Печ успрымалі і як надзейную заступніцу ад хвароб або смерці. Існавала такая парада: пры ўваходзе ў хату, у якой ляжыць хворы, трэба спачатку паглядзець на печ, каб не прыстала хвароба. Пасля вяртання з могілак удзельнікі пахавальнай працэсіі перш за ўсе выконвалі абрад ачышчэння агнём: адчынялі ў печы засланку і па чарзе грэлі рукі, “каб смерць праз комін пайшла”.

5-ы: У народнай медыцыне беларусаў быў вядомы прыём сімвалічнага “запякання” слабых, хворых дзяцей. Дзіця ўхутвалі ў коўдру і трымалі некалькі хвілін на печы. Лічылася, што пасля такога “запякання” дзіця набывае сілу і здароўе.

6-ы: Даўней печ асэнсоўвалася як “жаночае” месца ў хаце. Сваты, збіраючыся ісці сватаць дзяўчыну, дакраналіся да печы ў сваім доме, “каб быў лад”. Прыйшоўшы ў хату будучай нявесты, яны перш за ўсе набліжаліся да печы і ціхенька звярталіся да яе: “Печ, печ, памажы!”. Пасля віталіся з гаспадарамі, садзіліся на лаву і пачыналі гаворку.

У некаторых вёсках  і цяпер існуе старадаўні звычай: маладая на другі дзень пасля вяселля беліць печ у хаце маладога. Гэтым яна імкнецца “задобрыць” печ, наладзіць адносіны з ей,  значыць, з новай сям’ей.

Вяд.:  Вы ўжо пачулі, што печ у хаце асэнсоўвалася як “жаночае месца”. Нават ёсць прымаўка: “Бабская дарога - ад печы да парога”. Парог, як і печ, - месца ў хаце незвычайнае. “-Ад парога хату не мятуць”, - вучыць народная мудрасць. Здавалася б, ці так важна, як месці хату. Аказваецца - важна. Парог асэнсоўваўся нашымі продкамі як своеасаблівая мяжа, што аддзяляла чалавечае жытло ад прасторы “за парогам”, неасвоенай, нежылой і, значыць, варожай для чалавека. Акрамя таго, парог лічыўся ў народзе месцам, дзе жывуць душы продкаў, якія могуць уплываць на людзей, на іх здароўе, заможнасць, узаемаадносіны з іншымі людзьмі. 3 гэтым вераваннем звязаны розныя звычаі, якія дайшлі да нас з часоў сівой даўніны.

7-ы:  Найбольш вядомы з іх які? Можа вы ведаеце? (звяртаецца да прысутных). Так, правільна, малайцы. Рытуальнае сядзенне ля парога перад падарожжам, паездкай. Звычай “прысесці на дарогу” добра вядомы. Але не ўсе ведаюць яго сэнс. Змест гэтага звычаю - звяртанне ў думках да душ продкаў з просьбай аб дапамозе. Вось чаму абавязковым элементам гэтага звычаю з’яўляецца рытуальнае маўчанне, якое абазначае сімвалічнае далучэнне да свету продкаў, наладжванне духоўнай сувязі жывых людзей з продкамі - добрымі абаронцамі і дарадчыкамі.

8-ы: Напэўна, усім вам вядома прыкмета-забарона: нельга вітацца праз парог, бо гэта можа прывесці да спрэчкі, непаразумення ці нават варожасці паміж людзьмі. Таму што чалавек, які знаходзіцца на другім баку парога, успрымаецца душамі продкаў як магчымы непрыяцель, вораг.

9-ы:  Існуюць і звязаныя з парогам прыкметы. Лічыцца, што чалавека, які ўваходзіць у хату, чакае непрыемнасць, калі ён спатыкаецца аб парог. Калі ж хто-небудзь спатыкнецца аб парог, выходзячы, то быў знак, што гэты чалавек сюды хутка вернецца. А вось садзіцца на парог нельга, асабліва дзяўчыне - не выйдзе замуж.

10-ы:  Яшчэ адзін паэтычны звычай. Калі нявеста абходзіла з паклонамі ўсіх, хто прысутнічаў пры яе развітанні з бацькоўскім гняздом, яна кланялася да зямлі парогу, пры гэтым гаварыла: “Парогу, парогу! Я па табе хадзіла, ножкамі таптала - прабач мне, я больш не буду”. (Аб гэтым нават спяваецца ў песні). (Слуханне  песні)

11-ы:  Вельмі часта выкарыстоўваўся парог як рытуальнае месца ў народнай медыцыне. Напрыклад, каб ніхто не сурочыў дзяцей, іх купалі на парозе, прычым ваду на іх лілі з рэшата. Дзіцячы перапуг лячылі так: перасякалі на парозе 12 дубчыкаў ад старога веніка. Дзяцей, якія хварэлі асматычнай задышкай, клалі каля парога, накрывалі кажухом і пераганялі праз парог некалькі авечак. Лічылася, што авечкі, пераступаючы парог і хворае дзіця, забіраюць з сабой і хваробу.

Вяд.: Значнасць парога ў жыцці людзей адлюстравана ў прыказках і прымаўках.

Не стаўшы ў парозе, не будзе сядзець на покуці.

Ты яго маеш, а ў парозе яго стаіш.

Беднаму Бог залоціць парог.

Без Бога не да парога.

Апошнім часам мы ўсе часцей звяртаемся да сваей духоўнай спадчыны, імкнёмся зразумець светаўспрыманне, мары і надзеі нашых продкаў. Важнай рысай, якая вызначала светапогляд людзей мінулага, было адухаўленне ўсяго таго, што знаходзілася побач з чалавекам.

поделиться в:
Президент Республики Беларусь https://president.gov.by/ru
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь https://pravo.by/
Портал рейтинговой оценки качества оказания услуг и административных процедур организациями Республики Беларусь http://качество-услуг.бел/