История учреждения

З гісторыі школы

       У 1879 годзе была адкрыта царкоўна-прыходская школа пры Ліцвянскай царкве. Працэнт адукаванасці сярод прыхажанаў складаў 10%. Школа ўтрымлівалася на сродкі мясцовай грамады. У 1898 годзе было адпушчана 174 рублі з грамадскіх грошай на навучанне. У 1886/1887 н.г. тут вучыліся 33 хлопчыкі. Іх вучыў настаўнік Іван Калбаска, які скончыў курс у Маладзечненскай настаўніцкай семінарыі. З 1917 года народнае вучылішча было пераўтворана ў працоўную школу І ступені. Працавала школа ў былым панскім доме. Дырэктарам школы быў Уладзімір Юк, настаўніцай беларускай мовы  была Бірыла. У 1924/1925 н.г. настаўнікі Іван Гарошка і Клаўдзія Гарошка вучылі каля 70 дзяцей. Да вайны ў школе выкладалі Глафіра Іванаўна Белякоўская, Ніна Пятроўна Тоўстая, Павел Іванавіч Тоўсты. Пасля вайны дырэктарамі школ працавалі У.М.Байкач, В.К.Навуменка, А.Ц.Армонік, У.С.Палойка, П.Р.Дубноў, настаўнікамі – І.Ф.Шырко, Н.А.Бокуць, Я.А.Андруховіч, М.Ф.Мялешка, В.В.Ус, П.І.Махнач, П.І.Бокуць, Я.І.Міхайлоўская, Г.І.Міхайлоўская і іншыя.

        У в.Лісаўшчына ў 1914 годзе пачало працаваць народнае вучылішча, пасля рэвалюцыі яно ператварылася ў працоўную школу І ступені. У 1924-1925 гг. у школе вучылася 28 дзяцей.

          У в. В.Вуса ў 1888 годзе быў ўзведзены школьны будынак. У 1889 годзе адкрыта царкоўна-прыходская школа. Пасля рэвалюцыі на базе царкоўна-прыходскай школы створана савецкая школа, у якой у 1924/1925 н.г. вучылся 75 дзяцей. У 1975 годзе дзеці былі пераведзены ў Ліцвянскую СШ.

              Дзеці з в.Губіна вучыліся ў суседняй Сакольшчынскай школе.

          У в.Сальшчына была адкрыта пачатковая  школа пасля рэвалюцыі. Першай настаўніцай тут працавала Соф’я Вярбіцкая. Яна вучыла ў 1924/1925н.г. 37 дзяцей.

              У в.Макавішчы была адкрыта пачатковая школа пасля рэвалюцыі, будынак якой захаваўся да нашых дзён.

          У в.Каменка ў 1884 годзе была адкрыта Камянская царкоўна-прыходская школа. Вучыў дзяцей селянін Алесь Барысевіч (18 хлопцаў) за 38 рублей за зіму. Пасля рэвалюцыі ў в.Каменка была створана пачатковая школа, дзе першымі настаўнікамі працавалі Марыя Атраховіч і Сымон Атраховіч. У 1924/1925 н.г. яны вучылі 88 дзяцей.  У 1935 годзе працавалі  настаўнікі: Галіцкая, Тоўсты. У 1975 годзе дзеці былі пераведзены ў Ліцвянскую СШ.

             У 1969 годзе быў пабудаваны новы будынак школы ў в.Ліцвяны, куды перавялі вучняў і настаўнікаў з навакольных школ. Першы дырэктар школы - Дубноў Пётр Рыгоравіч (1969 – 1974 гг.), намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце – Махнач Павел Іосіфавіч (1969-1978гг.). З 1974 па 2002 годы школай кіраваў Местнік Іван Паўлавіч, а  намеснікам з 1978 па 2005 год працавала Тыліндус Аляўціна Філіпаўна. З 2002 па 2005 гады дырэктарам школы працаваў Дзейчык Анатолій Рыгоравіч. З 2005 па 2014 гады дырэктарам працаваў Паўловіч Алег Аляксандавіч. З 2014 па 2017 гады абавязкі дырэктара выконвала Атрушкевіч І.У. З 2017 года навучальнай установай кіруе Атраховіч А.А. З 2005 па 2016 гады намеснікам дырэктара была Атрушкевіч І.У. З 2016 намеснікам дырэктара працуе Атраш Н.У.

           У 1970 годзе Савет Міністраў БССР пастанавіў прысвоіць імя П.Ф.Глебкі Ліцвянскай сярэдняй агульнаадукацыйнай працоўнай політэхнічнай школе. На базе школы быў адкрыты літаратурна-краязнаўчы музей імя П.Ф.Глебкі. На адкрыцці музея былі паэты, пісьменнікі, жонка П.Ф.Глебкі. У музеі працуюць 2 залы: літаратурная і краязнаўчая. Тут знаходзяцца падарункі паэтаў і пісьменнікаў: кнігі з аўтографамі. Музею быў падораны партрэт П.Ф.Глебкі М.Савіцкім і яго бюст З.Азгурам. Кіраўніком музея з’яўляецца Атрушкевіч І.У. У 1995 годзе музей заняў 3 месца ў абласным конкурсе літаратурных музеў.

 

Яўгенія Аляксееўна Андруховіч. Нарадзілася  14 жніўня  ў  1915 годзе.  Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны 2-ой ступені, ордэнам “Знак Пашаны”, медалём “За працоўныя заслугі”, нагрудным знакам “Выдатнік народнай асветы БССР”. Яна неаднаразова выбіралася дэпутатам сельскага Савета.

         Лёс гэтай жанчыны быў цікавым, хоць лёгкім яго назваць нельга.            У 1932 годзе, пасля заканчэння настаўніцкіх курсаў, была накіравана ў Зенькавіцкую сямігодку. У першы год сваёй працоўнай дзейнасці ёй прыйшлося вучыць дзяцей другога і чацвёртага класаў адначасова. Было многа цяжкасцей і хваляванняў, але былі і вялікае старанне, любоў да дзяцей, да выбранай прафесіі. Кожны ўрок прыносіў ёй радасць. Адпрацавала Яўгенія Аляксееўна ў гэтай школе чатыры гады. Тут выйшла замуж. У 1936 годзе яе перавялі ў Ліцвянскую сямігодку.

       У 1939 годзе за поспехі ў навучанні  дзяцей яна была ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”. Разам з групай настаўнікаў з іншых раёнаў Мінскай вобласці ездзіла ў Маскву. Уручаў узнагароду Міхаіл Іванавіч Калінін.

       Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яна з малымі дзецьмі засталася ў Ліцвянах. Мужа прызвалі на воінскую службу яшчэ да вайны. Праз пэўны час Яўгенія Аляксееўна становіцца партызанскай сувязной атрада імя Катоўскага брыгады імя Варашылава. У 1943 годзе разам з Урублеўскім  Паўлам атрымалі заданне даставіць муку ў партызанскі атрад. Пад відам мужа і жонкі заехалі ў вёску Вуса. У гэты час немцы пачалі аблаву. Іх арыштавалі і пасадзілі ў склеп у в. Плоскае. Пры допыце, каб не нашкодзіць дзецям, якія знаходзіліся дома, змяніла прозвішча на дзявочае і назвалася Ус. На гэта прозвішча ў немцаў звестак не было. Але ім ўсё роўна пагражаў растрэл. Праз трое сутак вызвалілі партызаны, якім ўдалося прарваць блакаду. Пасля  гэтага выпадку немцамі былі спалены вёскі Літавец і Александрова.

       У першы пасляваенны навучальны год яна працавала з першакласнікамі. Клас быў вялікі, было шмат пераросткаў. Але ў кожнага была зацікаўленасць да вучобы.

       У 1949 годзе Яўгенію Аляксееўну перавялі ў Лісаўскую пачатковую школу, а яшчэ праз восем гадоў яна была прызначана загадчыцай Макавішчанскай пачатковай школы Ліцвянскага сельскага Савета. Адсюль у 1970 годзе пайшла на пенсію.

       Яўгенія Аляксееўна ахвотна наведвала школьныя мерапрыемствы, на якіх была жаданым госцем. У 2005 годзе на святочным мерапрыемстве Яўгенія Аляксееўна уручыла піянерскай дружыне піянерскае знамя.

      На жаль, 4 кастрычніка 2008 годза Яўгенія Аляксееўна памерла.

поделиться в:
Президент Республики Беларусь https://president.gov.by/ru
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь https://pravo.by/
Портал рейтинговой оценки качества оказания услуг и административных процедур организациями Республики Беларусь http://качество-услуг.бел/